ТАРФЯНЫ́ ФОНД,

усе выяўленыя і разведаныя радовішчы торфу. У Рэспубліцы Беларусь у Т.ф. ўлічваюцца радовішчы плошчай не менш як 1 га (у межах прамысл. глыбіні тарфяных пакладаў). У адпаведнасці са «Схемай рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 года» (1988) Т.ф. Беларусі складаўся з 9191 радовішча з запасам 4,4 млрд. т. Усе радовішчы падзелены на мэтавыя фонды: прыродаахоўны — радовішчы на ахоўных прыродных тэрыторыях; зямельны выкарыстоўваецца толькі ў с.-г. мэтах; запасны ўключае зарэзерваваныя радовішчы гідролізнай, бітумінознай, лячэбнай сыравіны; фонд, які распрацоўваецца — радовішчы, адведзеныя для здабычы торфу; фонд, які не выкарыстоўваецца — радовішчы на землях ляснога фонду і інш.

Упершыню паняцце «Т.ф.» з’явілася ў пастанове СНК БССР (9.6.1922), паводле якой усе рэсурсы торфу перадаваліся. ва ўласнасць дзяржаве, а кіраванне імі ўскладалася на Наркамзем БССР. У 1940 выдадзены першы на Беларусі тарфяны кадастр, у 1953 — даведнік «Тарфяны фонд Беларускай ССР». З 1952 кіраванне Т.ф. ажыццяўляла Гал. ўпраўленне тарфянога фонду пры Савеце Міністраў БССР, з 1988 — Дзярж. к-т БССР па ахове прыроды (Дзяржкамэкалогіі), Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды).

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб нетрах (1997) Т.ф. можа выкарыстоўвацца з дазволу мясц. Саветаў дэпутатаў (у межах іх кампетэнцыі) пры наяўнасці ліцэнзіі Мінпрыроды. Адпрацаваныя ўчасткі тарфяных радовішчаў карыстальнік павінен прыводзіць у стан, прыдатны для далейшага іх мэтавага выкарыстання (с.-г. ўгоддзі, лясныя пасадкі, рыбаводства і інш.), пакідаючы прыродны (абаронены) пласт торфу не менш за 0,15—0,5 м у залежнасці ад прызначэння ўчастка. З мэтай аднаўлення ландшафтнай і біял. разнастайнасці выпрацаваныя тарфяныя радовішчы ў некаторых месцах зноў забалочваюцца.

М.​А.​Караткоў.

т. 15, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)